НЬЮКА́СЛСКАЯ ХВАРО́БА, псеўдачума птушак,
высоказаразная інфекц. хвароба птушак, якая пашкоджвае пераважна ц. н. с., органы стрававання і дыхання. Выклікаецца РНК-змяшчальным вірусам з роду параміксавірусаў. Хварэюць пераважна курападобныя (часцей куры), таксама галубы, вераб’і, шпакі і некат. інш., найб. — маладняк. Крыніца інфекцыі — хворыя і вірусаносьбіты. Заражэнне праз слізістыя абалонкі вачэй, дыхальных шляхоў, страўнікава-кішачнага тракту з паветрам, кормам, вадой. Цячэнне маланкавае (без выяўленых сімптомаў), вострае, падвострае ці хранічнае. Праяўляецца прыгнечанасцю, высокай т-рай, паносам, паралічамі, запаленнем, множнымі дробнымі кровазліццямі ва ўнутр. органах і інш., птушкі часта гінуць. Апісана і ў чалавека (з катарам верхніх дыхальных шляхоў, кан’юнктывітам, ацёкам павекаў і твару).
т. 11, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)